Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мастаку далі 2 гады калоніі за тое, што замахнуўся на сілавіка і схапіў яго за рукі

16.12.2020 12:05
Гэта ўжо чацвёрты працэс у Віцебску па крымінальных справах, заведзеных супраць удзельнікаў вулічных мітынгаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneFlickr/IAR

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 16 снежня прысудзіў 27-гадовага разьбяра па дрэве Уладзіслава Макавецкага, якога абвінавачвалі ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Працэс вяла суддзя Сняжана Кіндзеева. Пракурор у судовых спрэчках настойваў на тым, што падчас несанкцыянаванага вулічнага шэсця ў Віцебску 6 верасня Уладзіслаў Макавецкі падабраў гумовую дубінку і мэтанакіравана размахваў ёю ў бок міліцыянера Аляксандра Пятроўскага, схапіў яго за рукі і прычыніў яму фізічны боль, а таксама вусна пагражаў яму.

Дзяржабвінаваўца запатрабаваў для маладога чалавека 3 гады калоніі. Яму ў выніку далі два гады.

Адвакат Уладзіслава Макавецкага заявіла, што віну яе падабароннага судовае следства не даказала і што ў яго дзеяннях няма складу злачынства. Абвінавачванне не знайшло сведак, якія пацвердзілі б, што Макавецкі пагражаў міліцыянтам.

У апошнім слове Уладзіслаў Макавецкі адзначыў, што не прычыніў нікому шкоды.

Пацярпелыя міліцыянты – малодшы сяржант Аляксандр Пятроўскі і старшы сяржант Дзмітрый Фядотаў – запатрабавалі кампенсацыю маральнай шкоды (адпаведна 500 і 200 рублёў). Гэтыя грошы яны ўжо атрымалі.

Гэта ўжо чацвёрты працэс у Віцебску па крымінальных справах, заведзеных супраць удзельнікаў вулічных мітынгаў, абвінавачаных у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і службовых асоб (артыкулы 364 і 366 КК).

Да 2,5 года калоніі прысудзілі праграміста Аляксандра Кірыленку, рамесніка Андрэя Цімафеенку – да 2 гадоў калоніі. Самы суровы прысуд у Алега Яфрэменкі – 4,5 года пазбаўлення волі

Наша Ніва/нг