У сераду, 13 студзеня ў літоўскім Сейме падчас адзначэння 30 гадавіны трагічных падзеяў, якія адбыліся каля віленскага тэлецэнтра ў 1991 годзе, Святлана Ціханоўская ад імя беларускага народа атрымала прэмію Свабоды. У Літве адзначаецца дзень абаронцаў свабоды.
Выступаючы ў літоўскім Сейме, сярод іншага, Ціханоўская сказала:
- Чаму адважныя літоўцы 30 гадоў таму ахвяравалі сваім жыццём? І чаму цяпер мільёны беларусаў рызыкуюць жыццём? Прычына простая. Яны адважыліся ісці да свабоды. Рэжым думае, што, руйнуючы нас сваёй машынай рэпрэсій, яны могуць сцерці наш дух свабоды і нашу годнасць. Гэтага не адбылося ў Літве і не адбудзецца ў Беларусі. Дарогі назад няма.
Грашовую частку літоўскай прэміі ў памеры 5 тысяч еўра Святлана Ціханоўская перадасць сем'ям загінулых мірных пратэстоўцаў у Беларусі.
Адметна, што падчас жалобных урачыстасцяў у Літоўскім Сейме беларуская оперная дзіва Маргарыта Леўчык разам з літоўскім вакалістам Ліудасам Мікалаўскасам выканалі «Пагоню» М. Багдановіча.
эж