Беларуская Служба

Маці адваката Дзмітрыя Лаеўскага гатовая судзіцца з БДУ з-за свайго звальнення

17.04.2021 16:28
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з 17 красавіка не падаўжае кантракт з выкладчыкам грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Аленай Лаеўскай.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Алена – маці Дзмітрыя Лаеўскага, адваката экс-прэтэндэнта ў прэзідэнта Віктара Бабарыка, паведаміла Еўрарадыё.

– Мой 5-гадовы кантракт з БДУ сканчваецца 17 красавіка. 16 сакавіка за месяц да яго заканчэння, як таго патрабуе ПК, я апавясціла БДУ пра сваё жаданне працягнуць працоўныя зносіны. У адказ атрымала апавяшчэнне, што новы кантракт заключацца не будзе. З 16 сакавіка я вяла перапіску з БДУ і прафсаюзам аб недапушчальнасці незаконнага звальнення.

Згодна з артыкулам 261-5ПК, наймальнік абавязаны заключыць са мной кантракт як з асобай перадпенсійнага ўзросту. Калектыўны дагавор БДУ таксама на гэты конт змяшчае дадатковыя гарантыі, – піша выкладчык з 22-гадовым стажам.

У адказ БДУ кажа Алене, што гэтыя нормы не прымяняюцца, бо скончыўся тэрмін абрання яе па конкурсе. Праблема толькі ў тым, што БДУ не абвясціў гэты конкурс.

– Хоць у дачыненні да іншых пазіцый на маім факультэце і на іншых конкурс у гэты перыяд аб'яўляўся. Я расцэньваю гэта як дыскрымінацыю, што забаронена ПК. Чакаю загад. А потым у суд. І раблю гэта не для сябе. Я не прападу. Я не хачу каб такая мадэль схаванага скарачэння ўжывалася ў дачыненні да іншых маіх калегаў – дадае Алена.

ав