Санкцыі руйнуюць эканоміку Беларусі і могуць прывесці да знішчэння дзяржаўнасці краіны, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю газеце «Камерсант».
Пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, Еўрасаюз паскорыў падрыхтоўку новых пакетаў санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў, у тым ліку сектаральных. ЗША ў пачатку чэрвеня вяртаюць ранейшыя і рыхтуюць новыя санкцыі. Макей адзначыў, што «падобнага роду меры закранаюць эканоміку краіны і ўплываюць на дабрабыт грамадзян».
«Мяне дзівяць заявы еўрапейскіх палітыкаў, калі яны кажуць, што санкцыі нанясуць шкоду ўладзе, але, маўляў, мы будзем выкарыстоўваць іх кропкава, каб яны не паўплывалі на народ. Санкцыі ў любым выпадку закранаюць дабрабыт канкрэтнага чалавека, гэта павінны разумець усе», – дадаў міністр.
«Мы вельмі сурʼёзна ставімся да заяваў пра тое, што плануецца чацвёрты пакет санкцый супраць шэрагу адчувальных галін нашай эканомікі. Будзем рэагаваць на гэтыя рэчы, каб зменшыць страты. Не магу зараз гаварыць, якія гэта будуць меры, але ў нас ёсць вялікі вопыт жыцця пад санкцыямі, мы бачым, як некаторыя краіны і сёння жывуць пад санкцыямі», – падкрэсліў Макей.
Навіны/нг