Беларуская Служба

Украіна будзе рэагаваць на тое, што Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў ЛНР для допыту Пратасевіча

04.06.2021 18:29
«У нас ёсць дастаткова інструментаў, каб зрабіць людзям і краінам, якія не паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, балюча».
ілюстраційне фотоpixaby.com /CCO

Украіна адрэагуе на тое, што Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь прадстаўнікоў так званай «Луганскай Народнай Рэспублікі» для допыту блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца ў СІЗА. Пра гэта 4 чэрвеня ў эфіры праграмы «Сніданок з 1 + 1» на тэлеканале «1+1» заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

«Будзе балюча Аляксандру Лукашэнку. У нас ёсць дастаткова інструментаў, каб зрабіць людзям і краінам, якія не паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, балюча. Асабліва калі гаворка ідзе аб Беларусі, з якой у нас шмат сувязяў. У тым ліку і эканамічных. Не буду закідваць пагрозамі, але хачу сказаць, што ёсць рэчы, якія мы не даруем. Непавага да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны – адна з такіх», – сказаў Кулеба.

Пры гэтым кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Кіеў не хоча палітычнай ці эканамічнай вайны з Мінскам, таму будзе «дзейнічаць узважана».

Нагадаем, выступаючы ў парламенце 26 мая, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў затрыманага блогера Рамана Пратасевіча ў забойствах, учыненых на тэрыторыі Украіны.

Зусім нядаўна пра немінучыя санкцыі з боку Украіны ў выпадку палётаў "Белавія" у Крым гаварыла намесніца Кулебы Эмінэ Джапарава.

Наша Ніва/нг