Беларуская Служба

У дачыненні да ксяндза Вячаслава Барка распачаты адміністрацыйны працэс

02.07.2021 16:05
Яна быццам бы звязана з фатаграфіяй трое дзетак з бел-чырвона-белым сцягам.
Ксёндз Вячаслаў Барокскрыншот з YouTube

У дачыненні да пробашча парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласць) ксяндза Вячаслава Барка распачаты адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
У відэароліку на сваім youtube-канале святар паведаміў, што 1 ліпеня яго выклікалі позвай у Расонскі РАУС. У міліцыі яму сказалі, што працэс вядзе Гарадоцкі РАУС.

«Быццам бы я нядаўна, некалькі тыдняў таму, быў у Гарадку, нібыта рабіў там фатаграфіі, якія пасля размясціў на старонках у сацыяльных сетках, – заявіў Барок. – Такога, вядома, у прынцыпе не было – я не памятаю, калі я ў апошні раз быў у Гарадку. Мяне цяпер хочуць абвінаваціць у тым, чаго я не рабіў. Я чыста фізічна не мог там быць, я ж не Падрэ Піо, каб мець магчымасць быць у двух месцах адначасова».

«Сказалі, што гэта быццам бы з-за фатаграфіі, якую я ў свой час размясціў у «Инстаграме». Там трое прыгожых дзетак-беларусаў у прыгожай вопратцы нацыянальных колераў, з сцягам беларускім – нашым (які калісьці быў дзяржаўным) бел-чырвона-белым, гэта гістарычны наш сцяг, сімвал Хрыста. У гэтым здымку яны ўбачылі нейкую крамолу і цяпер правяраюць», – адзначыў ён.

Пасля візіту ў Расонскі РАУС святар напісаў у сваім телеграм-канале, што яму ўручылі новую позву – на 12.00 4 ліпеня.

ав/naviny.by