Беларуская Служба

У праваабаронцы Марфы Рабковай памёр бацька

07.08.2021 11:13
На працягу гэтага часу супрацоўнікі следчых органаў не раз шантажавалі Марфу сітуацыяй з цяжкахворым бацькам, прымушаючы даць патрэбныя ім паказанні.
Марыя РабковаПраваабарончы цэнтр «Вясна»

У праваабаронцы «Вясны» і палітзняволенай Марфы Рабковай памёр бацька. Апошнія паўтара года ён хварэў на анкалогію.

Марфа Рабкова ўжо амаль год (з 17 верасня 2020 года) утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1. На працягу гэтага часу супрацоўнікі следчых органаў не раз шантажавалі Марфу сітуацыяй з цяжкахворым бацькам, прымушаючы даць патрэбныя ім паказанні – інакш яна яго не паспее ўбачыць.

Марфа мноства разоў падавала хадайніцтвы на змяненне меры стрымання з заключэння пад варту на хатні арышт або падпіску нявыездзе – для таго, каб яна магла даглядаць за бацькам. Пры гэтым да хадайніцтва прымацоўваліся ўсе неабходныя медыцынскія заключэнні. Але Рабковай заўсёды адмаўлялі.

Таксама следчыя заўсёды адмаўлялі Марфе ў заявах на яе спатканне з роднымі.
Акрамя гэтага, «Вясне» вядома, што зімой ад COVID-19 памерла бабуля Марфы Рабковай.

Сама Марфа неаднарозова траціла прытомнасць. Першы раз – з-за недахопу паветра і духаты ў канцы чэрвеня. Другі раз – 25 ліпеня, падчас прагулкі.

ав/Вясна