На сустрэчы чакаюць высокапастаўленых чыноўнікаў краін ЕС і Усходняга партнёрства, а таксама міжнародных арганізацый. Аўстрыя накіравала запрашэнне і беларускім уладам, але адказу пакуль няма, расказаў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.
— Санкцыі не могуць быць адзінай мовай, на якой мы размаўляем з Беларуссю. Мы павінны падтрымліваць хаця б мінімальны дыялог, асабліва з грамадзянскай супольнасцю. 22 лістапада мы арганізуем міжнародную канферэнцыю ў Вене, разам з грамадзянскай супольнасцю, — заявіў Аляксандр Шаленберг, калі анансаваў правядзенне канферэнцыі.
Удзел у канферэнцыі па беларускім пытанні пацвердзілі кіраўнікі МЗС шэрагу еўрапейскіх краін, некаторыя дзяржавы могуць быць прадстаўлены на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Аб сваім удзеле паведаміў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Олівер Вархелі.
— Мы чакаем пацверджання аб удзеле яшчэ шэрагу краін. Акрамя таго разглядаюцца запрашэнні на ўзроўні старшыні Еўрапейскай рады Шарля Мішэля і старшыні Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен. Будуць запрошаны да ўдзелу кіраўнікі місій пры АБСЕ і кіраўнікі місій краін — пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, краін-удзельніц Усходняга партнёрства, прадстаўнікоў структур ААН. У прыватнасці, наколькі вядома, запрошаныя прадстаўнікі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, — паведаміў Zerkalo.io Валерый Кавалеўскі.
Па ягоных словах, ці будуць на канферэнцыі прадстаўнікі беларускай улады, пакуль невядома: Аўстрыя адпраўляла ім запрашэнне, але пацверджання ці адмовы яшчэ не атрымала.
Прадстаўнік Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі разлічвае, што сустрэча стане пачаткам больш паглыбленага ўдзелу міжнародных сіл у вырашэнні крызісу ў Беларусі, дазволіць вывесці размову на новы палітычны ўзровень, акумуляваць рэсурсы і палітычную волю ўдзельнічаць у вырашэнні беларускага крызісу".
вх