Беларуская Служба

Прафесарка БДУ запісала зварот у абарону звольненага калегі

22.01.2022 12:11
Наталля Абрашына-Жадаева выступіла ў абарону навукоўца і выкладчыка Максіма Шундалава.
 -   -.
Доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева. Фота: сайт фізічнага факультэта БДУ

Прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева запісала зварот у абарону свайго звольненага калегі Максіма Шундалава – піша «Наша Ніва».

«Мы жылі тут і будзем жыць. І хочам, каб была змяняльнасць улады, а не перапісванне Канстытуцыі па жаданні «аднаго». Колькі нашых грамадзян уцякло з краіны, колькі сягоння звальняюць, каб дагадзіць «аднаму».

Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслугоўваць. Як кажуць: служыць Богу ці прыслугоўваць Юду!» – кажа прафесар Абрашына-Жадаева.

Яна заклікае ўсіх падтрымліваць звольненых і адмаўляцца займаць іх працоўныя месцы.

71-гадовая Наталля Абрашына-Жадаева працуе ў навуцы з 1972 года. Яна ветэран працы, сёлета спаўняецца 50 гадоў яе працоўнага стажу.

Сваю доктарскую дысертацыю «Шматкампанентныя вектарныя схемы расшчаплення ў метадах матэматычнай фізікі» яна абараніла ў Расіі. 17 гадоў (2003–2020) загадвала кафедрай вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Белдзяржуніверсітэта.

Усяго ў краіне ў спісах на звальненне па палітычных матывах – каля 40 тысяч чалавек.

На гэты момант у розных галінах прамысловасці, у сферы транспарту, установах культуры і адукацыі звальняюць людзей, якія ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Законы краіны забараняюць пераслед па палітычных прыкметах, таму з часам звольненыя, імаверна, змогуць разлічваць на кампенсацыю ад дзяржавы.

нг