Беларуская Служба

КДБ унёс у спіс асобаў, датычных да «тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек

14.05.2022 11:21
Гэта жыхары Мінску Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў і Аляксандр Мураўёў
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс у «спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек – гэта жыхары Мінску Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў і Аляксандр Мураўёў, перадае Свабода.

Ім прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні акту тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча (артыкул 359 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Па артыкуле аб здзяйсненні акту тэрарызму ім пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі (а калі было здзейснена забойства дзяржаўнага дзеяча, то ад 10 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне).

Акрамя гэтага, усіх чацвярых абвінавачваюць у стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзеле ў ёй (арт. 290-4 Крымінальнага кодэксу).

Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў дадаткова абвінавачваюцца ў закліках да санкцый (арт. 361 КК) і распальванні варожасці (арт. 130 КК).

У спісе КДБ асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, ужо больш за два дзясяткі чалавек. Сярод іх лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАК Павал Латушка, блогер Антон Матолька, былыя сілавікі Ігар Макар, Андрэй Астаповіч, Станіслаў Лупаносаў, Аляксандар Азараў, Уладзімер Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Сяргей Курачкін, Міхаіл Куцко, Ігар Лобан, Сяргей Макар, Алег Талерчык, Святлана Хілько, Сяргей Чубукоў.

Цяпер за спробы замаху на тэрарыстычны акт будуць караць аж да смяротнага пакарання.

ав