Беларуская Служба

У Беларусі пачаліся вучэнні па магчымым захопе прыгранічных абласцей Украіны

08.09.2022 09:41
Манеўры працягнуцца да 14 верасня.
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Беларусі сёння стартавалі ваенныя вучэнні па «адпрацоўцы баявых дзеянняў па вызваленні тэрыторыі, часова захопленай супернікам».

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал Мінабароны Беларусі.

«8 верасня ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штабу Узброеных Сіл – першага намесніка Міністра абароны пачаліся камандна-штабныя вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Яны працягнецца да 14 верасня», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі беларускага Мінабароны, для адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў прыцягнуты палігон «Брэсцкі» ды ўчасткі мясцовасці ў Мінскай і Віцебскай абласцях.

«Вучэнні дазволяць на практыцы адпрацаваць пытанні вядзення баявых (спецыяльных) дзеянняў па вызваленні тэрыторыі, часова захопленай супернікам», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, паводле інфармацыі прэс-службы, падчас вучэнняў будзе адпрацаванае пытанне аднаўлення кантролю над дзяржаўнай мяжой у зонах адказнасці аб'яднанняў, авіяцыйнай падтрымкі войскаў, а таксама забеспячэння рэжыму ваеннага становішча, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі суперніка і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Нагадаем, напярэдадні намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў паведаміў, што беларускія вайскоўцы плануюць арганізаваць вучэнні, на якіх, верагодна, будзе праведзена трэніроўка «вызвалення» тэрыторый і не выключана, што маецца на ўвазе захоп часткі прыгранічных абласцей Украіны.

«Хачу адзначыць, што па задуме камандна-штабнага вучэння прадугледжваецца вызваленне часткі страчанай тэрыторыі ўмоўнай дзяржавы. Не выключаецца, што пад так званай страчанай тэрыторыяй маюцца на ўвазе памежныя раёны Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей», – адзначыў Громаў.

РБК Украіна/Хартыя'97/нг