Беларуская Служба

У Беларусі пачалі затрымліваць гандляроў за павышэнне цэнаў, якое забараніў Лукашэнка

10.10.2022 16:25
Вядома пра затрыманні прадстаўнікоў гандлёвых аб'ектаў  у розных гарадах.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Stokkete

У Баранавічах затрымалі намесніка дырэктара гандлёвага аб'екта. Ён 7 кастрычніка павысіў цану на адзін з харчовых тавараў на 13%, хаця 6 кастрычніка Лукашэнка загадаў цэнам спыніцца.

На мужчыну завялі крымінальную справу за «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула прычыненне шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам» (частка 2 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу). Выглядае, што гэта новы «народны артыкул» для гандляроў. Яму пагражае да 6 гадоў калоніі са штрафам і пазбаўленнем права на дзейнасць.

У Лідзе Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў факты павышэння цэн у «адным з гандлёвых аб’ектаў», піша БелТА.

У КДК заявілі, што цэны на асобныя віды мясной прадукцыі былі павялічаны ў параўнанні з усталяванымі 6 кастрычніка 2022 году.

Таксама там паведамілі, што работнікі хацелі таемна змяніць цэннікі на тавары, але іх выкрылі.

У Бабруйску крымінальную справу пачалі ў дачыненні заснавальніка і дырэктара прыватнай структуры. КДК паведамляе, што фірма перапрадавала дзяржаўным установам адукацыі і аховы здароўя Магілёўскай вобласці гародніну з гандлёвымі надбаўкамі, якія «значна перавышалі ўстаноўленыя заканадаўствам». Па некаторых відах прадукцыі надбаўкі нібыта дасягалі 600%.

Радыё Свабода / вх