Беларуская Служба

Жыхару Асіповічаў далі 11 гадоў за тое, што «выказаў гатоўнасць» не пускаць эшалоны з расійскай ваеннай тэхнікай

13.10.2022 13:55
Прэс-служба МУС пісала пра тое, што Шышкавец «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання BYPОL»,  і «кіраваў дэструктыўным «дваровым» чатам».
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/8385

Магілёўскі абласны суд прысудзіў жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца да 11 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб тэрарызме (артыкул 289 КК) і за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або канфлікце (артыкул 361-3 КК), паведамляюць праваабаронцы. Прысуд яму быў вынесены 12 кастрычніка.

Прэс-служба МУС пісала пра тое, што ў пачатку 2022 года Шышкавец «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання BYPОL, ён аўтарызаваў у мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі» і «кіраваў дэструктыўным «дваровым» чатам».

«Выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы, з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўвання эшалонаў з ваеннай тэхнікай», – распавядаў начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіл Сухачоў.

У сакавіку Следчы камітэт пісаў, што супраць Шышкаўца распачата справа па артыкуле аб тэрарызме і аб удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (частка 3 артыкула 361-1 КК).

У верасні КДБ дадаў Шышкаўца ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Новы час/яс