Беларуская Служба

«Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу». Навуковец Гаранін распавёў пра свае «суткі» на Акрэсціна

07.11.2022 13:03
             ,       .
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Сяргей Гаранін.Фота з сацыяльных сетак

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Сяргей Гаранін распавёў пра арышт у 10 сутак, які адбываў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Дзякуй усім, хто падтрымаў і турбаваўся, я выйшаў з Акрэсціна.

У якасці справаздачы: за час зняволення для сукамернікаў прачытаны курс лекцый па беларускай літаратуры XI–XV стагоддзяў у поўным аб'ёме. Колькасць слухачоў вагалася ад 18 да 31 у 6-меснай камеры.

Таксама прачытаны лекцыі па квантавай механіцы, японскай эстэтыцы, філасофіі піфагарэйцаў, структуры чалавечага вока, афтальмалагічных захворваннях і метадах іх лячэння, філасофскай сістэме Марціна Хайдэгера, авіяцыйных рэактыўных рухавіках, гісторыі падводнага флоту ад пачатку да ХХІ ст., практычных спосабах ачысткі нафтавых адходаў, гісторыі сіцылійскай мафіі.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце.

Браў удзел у семінарах-дыспутах «Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі 1917 года» і «Лепшыя здабыткі сучаснай замежнай і айчыннай літаратуры». Так што трэба ўносіць прапанову ў МУС, каб палітычным пасля Акрэсціна выдавалі не даведку, а адмысловы сертыфікат.

Было ў камеры з намі і пару крымінальных, але іх трымалі ў руках, нават не дазвалялі мацюкацца. Яны ахвотна ішлі на кантакт і падпарадкоўваліся агульным правілам. Адзін хлопец псіхічна хворы быў. Вельмі шкада яго, бо яму не давалі патрэбных лекаў, а без іх ён упадае ў дэпрэсію і ўсяго палохаецца.

Бамжоў двое было, але па чарзе. Адзін зваўся Сірожа. Яго адмылі яшчэ да мяне, і ён ціха сядзеў у куточку. Пасля яго адпусцілі. Пасадзілі наступнага. Але ён сам адмыўся, бо сам прасіўся да палітычных. Яго нават выводзілі з камеры на ўсялякія работы. Аднойчы яму далі на кухні велічэзную торбу турэмных катлет, дык ён прынёс у камеру «для ўсіх». Мы елі – чаму ж не?! Чалавек жа стараўся, зарабіў, нёс, клапоцячыся аб нас, бо перадачы не аддаюць.

Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад спёртага паветра ва ўсіх кашаль, і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы – гэта святое.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце. Паклалі яго пад краты, дзе троху цягне халодным паветрам. Так ён мог спаць.

Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што «к людям можно вот так относиться», мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў што не верым. Закрылі? Ну дык сядзі і не злуй «гражданина начальника», бо самому ж горш будзе. Прыйдзе час – і ўсё вернецца. Вернецца абавязкова! Бо век так не будзе. Жыве Беларусь!»

вх