Беларуская Служба

Аўтара «Новага часу», журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар

07.11.2022 16:06
«Усё ж перавод Дзяніса Івашына ў іншую камеру быў чарговай спробай дадатковага катавання. Дзяніс зноўку ў карцары, перадачы не прымаюць», — напісала ягоная жонка Вольга.
Дзяніс Івашын Фота з адкрытых крыніц

«"Сарафаннае радыё" гарадзенскай вязніцы прынесла інфармацыю пра ўмовы ўтрымання Дзяніса Івашына ў карцары. Гэтым разам у адзіночцы таксама досыць халадно, але наш ваяр загартаваўся за час палону, і перададзеная намі тэрмабялізна дапамагае. Таму Дзяніс, сцяўшы зубы, трывае, бо разумее, што падчас вайны складана ствараць і захоўваць добрую вонкавую абстаноўку. Як я ўжо казала, у кожнага цяпер свой адмежак фронту барацьбы з адвечным ворагам усяго чалавецтва. Сёння мы, напрыклад, даведаліся пра раненне Дзяніса Урбановіча, то зычым яму хутчэйшага ацалення!» – напісала жонка палітвязня Вольга Івашына ў Facebook.

Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын быў затрыманы пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.

Дзяніс супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў «InformNapalm», якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.

Дзяніса Івашына абвінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь.

вх