Беларуская Служба

У Віцебску пачалі праверку ўліку ваеннаабавязаных

29.11.2022 16:52
Зверка праходзіць на фоне ўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў вайне ва Украіне і паведамленнях пра «схаваную мабілізацыю».
Парадны разлік Узброеных сіл Беларусіфота: ВаенТБ Беларусі/screen/youtube.com

Вайсковы камісарыят Віцебска распаўсюдзіў паведамленне з просьбай да ваеннаабавязаных грамадзянаў, якія не прайшлі зверку дадзеных, у любы зручны час, у тым ліку ў выходныя і святочныя дні, з'явіцца ў гарадскі ваенны камісарыят. Грамадзян супакойваюць, што зверка ваеннаабавязаных не зʼяўляецца мабілізацыяй або мабілізацыйнымі зборамі.

Аднак усё больш трывожных сігналаў паступае з розных рэгіёнаў краіны. Па прыбыцці ў ваенкаматы некаторыя атрымліваюць позву на вайсковыя «зборы». Прапаршчыкам і старшынам прапануюць перавучвацца ў лейтэнанты. Генералы ездзяць па заводах і рыхтуюць людзей да вайны.

У Міністэрстве абароны сцвярджаюць, што праводзіцца планавая праверка ваеннаабавязаных па даручэнні кіраўніка краіны. Усё гэта праходзіць на фоне ўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў вайне з Украінай, выкарыстанні тэрыторыі Беларусі расійскім войскам, а таксама разгортванні супольнай беларуска-расійскай групоўкі войскаў.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск