Беларуская Служба

Нацбанк Беларусі выдаліць еўра з кошыку валют

08.12.2022 18:07
Гэта дрэнны знак: гандаль з ЕС зменшыцца яшчэ болей.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Glow Images/ East News

Нацыянальны банк Беларусі абвесціў, што з 12 снежня ў кошыку валют не будзе еўра. Тлумачаць гэта зніжэннем аб’ёму разлікаў у гэтай валюце. Эканамістка Настасся Лузгіна сказала «Белсату», што гэта дрэнны знак: беларускія ўлады чакаюць, што гандаль з ЕС, які сціснуўся праз санкцыі, зменшыцца яшчэ болей.

Нацбанк Беларусі пастанавіў выдаліць з 12 снежня еўра з кошыку валют. Такое паведамленне з'явілася на сайце рэгулятара.

«На фоне скарачэння тавараабароту з краінамі ЕС разлікі ў еўра зменшыліся. Змянілася структура гандлёвых аперацый на Беларускай валютна-фондавай біржы. Адбылося павелічэнне абʼёму ўгодаў з расейскім рублём і ягонай долі ў агульным абʼёме біржавых таргоў пры адначасовым зніжэнні абʼёму і долі аперацый з еўра», – патлумачыў Нацбанк.

Там адзначылі, што сёлета вонкавы гандаль Беларусі павялічваецца з краінамі ЕАЭС, найперш Расеяй, а таксама з Кітаем. Адначасова партнёры пашыраюць разлікі ў нацыянальных валютах.

Цяпер доля расейскага рубля ў кошыку валют будзе складаць 60%, долара – 30% і кітайскага юаня – 10%.

У Нацбанку адзначылі, што таргі з еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы працягнуцца, а курс рубля будзе вызначацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе еўра да долара ЗША на міжнародных фінансавых рынках.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары для «Белсату» заўважыла, што гэтыя захады Нацбанку наўпрост беларусаў не закрануць: еўра як быў у абменніках, так і застанецца, але для эканомікі гэта новыя выклікі.

«Гэта сведчыць пра тое, што рэгулятар бачыць на перспектыву, што значнасць еўра і еўрапейскай эканомікі для Беларусі будзе зніжацца. Абʼём гандлю з ЕС ужо знізіўся праз санкцыі, абароты ў еўра знізіліся і мяркуецца, што прадоўжаць сціскацца», – сказала экспертка.

Лузгіна адзначыла, што доля Расеі ў вонкавым гандлі павялічваецца, а гэта нясе пагрозы для беларускай эканомікі.

«Арыентаванасць гандлю на адну краіну – гэта дрэнна, узнікаюць падвышаныя рызыкі. Мы становімся больш залежнымі ад адной краіны, не дыверсіфікуем рызыкі, а спадзяемся ўсё болей на адну краіну, Расію, якая сама знаходзіцца пад санкцыямі», – падкрэсліла эканамістка.

Суразмоўца «Белсату» звярнула ўвагу на глабальны разварот беларускай эканомікі з захаду на ўсход.

«Нельга казаць, што гэта пазітыўны момант. Напрыклад, лагістыка: дзе знаходзіцца Кітай, а дзе знаходзіцца Польшча. Таксама былі наладжаныя шматгадовыя сувязі з краінамі ЕС, у якіх нармальна працавалі, бізнес быў наладжаны. Цяпер усё гэта аўральным шляхам ідзе на ўсход», – падсумавала Настасся Лузгіна.

нг