Беларуская Служба

Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся «правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку»

07.03.2023 13:00
Загад пра такую зачыстку быў дадзены яшчэ да дыверсіі супраць расійскага самалёта ДРЛА А-50, заявіў ён 7 сакавіка.
Аляксандр Лукашэнкаhttps://www.belta.by/president/view/lukashenko-perspektivy-belorusskogo-diplomaticheskogo-prisutstvija-v-rjade-stran-ne-prosmatrivajutsja-435907-2021/

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што распарадзіўся правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку. З яго слоў, загад пра такую зачыстку быў дадзены яшчэ да дыверсіі супраць расійскага самалёта ДРЛА А-50.

«Каб не было размоў, усе павінны разумець, і я гэтага не адмаўляю, – я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці вельмі жорсткую зачыстку», – сказаў Лукашэнка, выступаючы перад жанчынамі, якіх ён узнагароджваў з нагоды 8 Сакавіка, перадае яго прэс-служба.

Ён прапанаваў беларусам здавацца, пакуль да іх не прыйшлі сілавікі.

«Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць, – пагражаў ён. – Нічога не змянілася. Таму мы іх павінны знайсці. А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт – калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаванне. Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», – пагражаў Аляксандр Лукашэнка ўсім нязгодным з ім.

На яго думку, беларусы за мінулыя два з паловай гады нічога не зразумелі.

«Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-людску: калі вы адумаліся – вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсць там адурэлыя, адурманеныя, хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Але тыя, хто здзяйснялі, а асабліва цяпер здзяйсняюць вось такія падобныя правапарушэнні, – мы іх знойдзем», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

ав/НН