Беларуская Служба

Беларускія навукоўцы паедуць на канферэнцыю ў акупаваны Луганск

09.03.2023 12:20
Мерапрыемства, у спісе ўдзельнікаў якога выкладчыца ГрДУ і дзве яе каляжанкі з Віцебска, называецца «Міжнародная канферэнцыя „Ваенная журналістыка ў сучасным свеце“».
       .
Беларускія выкладчыкі паедуць на канферэнцыю ў акупаваны Луганск.Фота: skreenshot

Канферэнцыя па ваеннай журналістыцы адбудзецца ў Луганскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Універсітэт знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Украіны.

У спісе панэльных дыскусій канферэнцыі - «Філасофія вайны: ідэалагемы, сэнсы», «Канструяванне вобразаў удзельнікаў вайны», «Тэхналогіі асвятлення ўзброеных канфліктаў», «Вайна як камунікатыўны феномен» і «Мова вайны».

Ад Беларусі на гэтае мерапрыемства паедуць наступныя людзі. Марыя Канюшкевіч, прафесарка Гродзенскага ўніверсітэта. Ёй 79 гадоў, нарадзілася ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Прафесарка — аўтарка 300 навуковых прац, мае дзяржаўныя ўзнагароды ў Беларусі. Марыя Канюшкевіч з’яўляецца чальцом Рады па медыялінгвістыцы Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Пецярбурскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Расіі, чальцом Акадэміі сацыяльных і педагагічных навук у Маскве (пасведчанне № 796).

Канюшкевіч вядомая тым, што яшчэ ў траўні 2004 года рабіла лінгвістычную экспертызу ўлёткі на запыт следчага Упраўлення КДБ Беларусі па Гродзенскай вобласці. Вынікі экспертызы Канюшкевіч сталі доказам па крымінальнай справе за абразу прэзідэнта. Паводле яе гродзенца Валера Леванеўскага асудзілі на два гады пазбаўлення волі.

У гродзенскім універсітэце працуе з 1976 года. Уваходзіць у склад рэдкалегіі «Весніка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы».

Акрамя гродзенскай прафесаркі, Беларусь на канферэнцыі прадставяць выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта загадчыца кафедры моваў свету Віцебскага ўніверсітэта Ірына Зайцава, якая ў 1978−1999 і ў 2003−2008 выкладала ў Луганскім універсітэце, і яе калега Алена Муратава з кафедры мовазнаўства факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.

Паводле Hrodna.life / вх