Беларуская Служба

У Беларусі для педафілаў увядуць хімічную кастрацыю

19.06.2023 16:03
Паводле Генпракуратуры, за апошнія 5 гадоў у Беларусі больш за 3,5 тысячы дзяцей сталі ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры зацверджаны план мерапрыемстваў па абароне дзяцей ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі. Ён прадугледжвае ўвядзенне хімічнай кастрацыі, паведамляе «Наша Ніва».

Паводле прэс-службы пракуратуры, падрыхтаваныя змены ў Крымінальны кодэкс: разам з пакараннем за злачынства па прыгаворы суда прадугледжваецца прымусовае лячэнне асоб, якія пакутуюць педафіліяй.

Распрацаваны і зацверджаны клінічны пратакол, які змяшчае алгарытм лячэння педафіліі, у тым ліку прымяненне хімічнай кастрацыі.

Прыняты меры па развіцці даступнай сексалагічнай дапамогі насельніцтву, паведамляе прэс-служба, не раскрываючы падрабязнасцяў.

Лукашэнкам, паводле паведамлення, падтрыманыя ініцыятывы Генпракуратуры «аб прапрацоўцы пытанняў, якія тычацца ўзмацнення адказнасці бацькоў; устанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры; укаранення ў адукацыйны працэс абавязковага курса на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі; узмацнення кантролю за раней судзімымі асобамі, у тым ліку з выкарыстаннем электронных бранзалетаў».

Паводле Генпракуратуры, за апошнія 5 гадоў у Беларусі больш за 3,5 тысячы дзяцей сталі ахвярамі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці.

az