Беларуская Служба

Генпракурор назваў самую карумпаваную сферу ў Беларусі

26.06.2023 12:24
Штогод у Беларусі рэгіструецца ад 1,5 да 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, да крымінальнай адказнасці прыцягваюць у сярэднім да тысячы чалавек.
 .
Ілюстрацыйны здымак.janeb13/pixabay.com/CC0

Штогод у Беларусі рэгіструецца ад 1,5 да 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, да крымінальнай адказнасці прыцягваюць у сярэднім да тысячы чалавек, паведаміў выданню «СБ. Беларусь сегодня» генпракурор Андрэй Швед. Ён таксама назваў самую карумпаваную сферу ў Беларусі.

З пачатку года ў краіне ўжо зарэгістравана больш за 620 карупцыйных злачынстваў. Найбольш распаўсюджаныя хабарніцтва, службовыя крадзяжы, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і перавышэнне ўлады.

«Што да сфер, найбольш схільных да карупцыі, то тут варта вылучыць сельскую гаспадарку. Мы заўважна актывізавалі работу ў АПК па даручэнню кіраўніка дзяржавы ў гэтым напрамку. Толькі за студзень – май 2023 года ў аграрнай галіне выяўлена больш за 160 карупцыйных злачынстваў, што ў разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (57)», – распавёў Швед.

Па-ранейшаму не выключаны факты неабгрунтаванага пасярэдніцтва, а таксама нерацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў і атрымання незаконных узнагарод.

Прычынамі карупцыі Швед найперш лічыць «недахопы ў арганізацыі прафілактычнай працы, якая праводзіцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі».

ав/zerkalo.io