Беларуская Служба

Мінюст прапанаваў Аб’яднанай грамадзянскай партыі самаліквідавацца

28.06.2023 17:44
Улады РБ праводзяць перарэгістрацыю партый.
Сцяг АГПАГП

 «Мы гэта рабіць не будзем, і такое рашэнне прынялі ўжо даўно. Няхай ліквідуюць, робяць гэта самі», – кажа ў каментары «Народнай волі» сябра партыйнага палітсавета Леў Марголін. Раней Мінюст прапанаваў самаліквідавацца Беларускай партыі «Зялёныя».

Улады РБ праводзяць перарэгістрацыю партый. Чыноўнікі і прапагандысты неаднаразова заяўлялі, што яе пройдуць толькі праўладныя партыі. Так і сталася, пасведчанні атрымалі «Белая Русь», Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі.

Калі «Зялёныя» падавалі дакументы на перарэгістрацыю (ім адмовілі), то АГП – не. «Не бачылі ў гэтым сэнс», – кажа Марголін. Ён мяркуе, што партыю чакае ліквідацыя праз суд. «Асноўны актыў Аб’яднанай грамадзянскай партыі знаходзіцца за межамі Беларусі. Так што, калі і будзе працягвацца нейкая партыйная дзейнасць, то ў асноўным за мяжой. У Беларусі актыўная палітычная праца немагчыма, бо гэта небяспечна. І ніхто гэтым займацца не будзе... Можна забараніць партыі і пасадзіць актывістаў, але нельга забараніць людзям думаць інакш», – дадае Леў Марголін.

Лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца за кратамі, прызнаны палітвязнем.

ав/Еўрарадыё