Беларуская Служба

Больш за 100 чалавек пацярпелі летась за нацыянальны сцяг

29.06.2023 12:25
Беларускі ПЭН зрабіў вялікі агляд леташніх рэпрэсій за бела-чырвона-белы беларускі сцяг і іншыя сымбалі, а з пачаткам вайны — яшчэ і за праявы салідарнасці з Украінай.
Ілюстрацыйны здымакhttps://penbelarus.org/

У дакуменце змяшчаецца інфармацыя пра факты пераследу ў 2022 годзе за выкарыстанне нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі – сцяга і герба «Пагоня», і спалучэння чырвонага і белага колераў. Апісаныя таксама выпадкі крымінальнага пераследу ў дачыненні да асоб, якія прычынілі шкоду афіцыйнай дзяржаўнай сімволіцы – чырвона-зялёнаму сцягу.

Усяго ў 2022 годзе праваабаронцы высветлілі 120 выпадкаў пераследу беларусаў за бел-чырвона-белую сімволіку, агулам гэта менш у параўнанні з выпадкамі, зафіксаванымі ў 2021 годзе (335). Аднак гэты факт сведчыць не пра паслабленне рэпрэсій у дачыненні да прыхільнікаў дэмакратычных перамен, а пра поспех дзяржаўнага апарату ў задушэнні любых формаў праяўлення іншадумства. Эксперты адзначаюць, што сабраныя звесткі не адлюстроўваюць рэальнага маштабу ціску на грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, бо не ўсе факты робяцца вядомымі грамадскасці і СМІ, як і не ўсе маглі трапіць у поле зроку маніторынгавай групы ПЭНа.

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны 24 лютага 2022 года ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі за праяву салідарнасці з народам Украіны, у прыватнасці, за антываенныя выказванні і выкарыстанне ўкраінскай афіцыйнай сімволікі – дзяржаўнага сцяга і герба «Трызубец» (Тризуб), а таксама спалучэння сіняга і жоўтага колераў.  У маніторынгу гаворыцца пра 36 пацверджаных выпадкаў пераследу беларусаў за ўкраінскую сімволіку – дзяржаўныя сцяг і герб, а таксама іх каляровую гаму.

Усе апісаныя вышэй сітуацыі пераследу ПЭН разглядае з пазіцыі парушэння права чалавека на выкарыстанне сімволікі (незабароненай) як адной з формаў свабоды выказвання.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц: маніторынгу сайтаў і сацыяльных сетак праваабарончага цэнтра «Вясна» (асноўны масіў звестак) і шэрагу незалежных СМІ Беларусі (большасць з якіх мае на сёння статус «экстрэмісцкіх») або дзяржаўных СМІ (пераважна ў дачыненні да фактаў пераследу за прычыненне шкоды афіцыйнай дзяржаўнай сімволіцы).

Крыніца: Беларускі ПЭН