Беларуская Служба

Ядзернае паліва з БелАЭС будзе вывозіцца на перапрацоўку ў Расію

29.06.2023 15:23
Расія будзе вяртаць у Беларусь адходы перапрацоўкі ядзернага паліва, уключна з рэчывамі, якія ўтрымліваюць радыяцыйны цэзій і стронцый.
АЭС в ОстровцеФото: wikipedia/By Homoatrox - Own work, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=63367485

Адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будуць вывозіць у Расію з наступным вяртаннем у Беларусь прадуктаў перапрацоўкі, паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі.

«Зыходзячы з вынікаў праведзеных даследаванняў і ацэнак, быў прыняты варыянт з перапрацоўкі ў Расійскай Федэрацыі адпрацаванага ядзернага паліва з вяртаннем у Беларусь адходаў перапрацоўкі, уключана з рэчывамі, якія ўтрымліваюць радыяцыйны цэзій і стронцый», – расказала на брыфінгу начальнік упраўлення тэхнічнага суправаджэння АЭС ДВА «Белэнерга» Надзея Зданевіч.

Паводле чыноўніцы, гэты падыход быў пакладзены ў аснову пагаднення Беларусі і Расіі аб абыходжанні з ядзерным палівам. Цяпер вядзецца актыўная работа па рэалізацыі палажэнняў дакумента. «Распрацаваны праект пастановы Рады міністраў, якім прадугледжваецца ўстанаўленне ўпаўнаважаных арганізацый у галіне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі (РАА), якія мы будзем атрымліваць пасля перапрацоўкі ў Расіі, і парадак прыняцця рашэнняў Міністэрства энергетыкі аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва на перапрацоўку ў Расію», – адзначыла яна.

Крыніца: Зеркало