Беларуская Служба

Грузавы самалёт, звязаны з ПВК «Вагнер», вылецеў у Беларусь

30.06.2023 10:32
Такі борт выкарыстоўваецца для перавозкі ракетна-зенітных комплексаў, ваеннай тэхнікі і здольны змяшчаць 880 байцоў.
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z https://www.flightradar24.com/

АН-124 з бартавым нумарам RA-82030 вылецеў з Масквы прыкладна ў 9 раніцы, што відаць з трэкера Flightradar24. Самалёт прызямліўся ў Менску прыблізна а 10.20.

Самалёт належыць расійскай дзяржаўнай авіякампаніі «224 лётны атрад», падпарадкаванай расійскаму  Міністэрству абароны. Авіякампанія, і сам борт знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі за перавозку персаналу і тэхнікі ПВК «Вагнер». Санкцыйны спіс быў апублікаваны ў маі 2023 года. RA-82030 рэгулярна бывае ў Сірыі, што відаць з дадзеных Flightradar24.

Напярэдадні борт RA-82030 прыляцеў у Маскву з афрыканскага кантынента. Тады большая частка палёту прайшла з выключаным радарам, аднак увечары 28 чэрвеня самалёт ненадоўга зʼявіўся на трэкеры, узлятаючы ў раёне Кампалы, сталіцы Уганды. Гэта быў не першы палёт RA-82030 у Афрыку, звязаны з дзейнасцю «вагнераўцаў»: 13 мая 2023 года мясцовыя блогеры атрымалі фота, як грузавы самалёт выгружаў у сталіцы Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы два вучэбна-трэніровачныя самалёты L-39, якія ПВК перадала мясцовай уладзе.

25 чэрвеня – адразу пасля прыгожынскага мецяжу – RA-82030 ужо прылятаў у Мінск. Тады ён суткі правёў у беларускай сталіцы.

АН-124, ён жа «Руслан», адзін з самых вялікіх у свеце грузавых самалётаў, здольны перавозіць тэхніку масай да 120 тон – супраць стандартных 30 тон. Ён змяшчае чатыры верталёты сямейства МІ-8 або 880 ваеннаслужачых з поўным рыштункам.

Крыніца: Центр «Досье»