Беларуская Служба

Мінабароны Польшчы: Не выключаем чарговых пагрозаў з боку Беларусі

30.06.2023 17:03
У гэтым кантэксце прыгадваецца прысутнасць у Беларусі наймітаў з групы Вагнэра.
Мяжа з Беларуссю Фота:

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч не выключае чарговых пагрозаў з боку Беларусі, асабліва цяпер, перад будучым самітам НАТА ў Літве. У гэтым кантэксце палітык нагадаў пра прысутнасць у Беларусі наймітаў з групы Вагнэра.

«Тыя, хто сёння ў Беларусі і, магчыма, будуць пераведзены ў Беларусь у бліжэйшыя гадзіны ці дні, я маю на ўвазе групу Вагнэра. Гэта можа быць выкарыстана для розных рэчаў, напрыклад, каб падтрымаць гэты міграцыйны ціск на нашай мяжы», – заявіў намеснік міністра абароны Польшчы.

У сваю чаргу, кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сівера паведаміў, што Польшча накіруе ў Літву кантынгент спецназа. Ён будзе ўдзельнічаць у вучэннях, а затым будзе ахоўваць саміт Паўночнаатлантычнага альянсу, які пройдзе ў Вільні 11 і 12 ліпеня.

iar/эж