Бюджэт беларускай сталіцы выгадна адрозніваецца ад іншых мясцовых бюджэтаў тым, што ён адзін з вельмі нямногіх здольны фінансаваць сябе самастойна. Даходы Мінска традыцыйна пераўзыходзяць выдаткі. За першы квартал бягучага года сума такога перавышэння склала 129,6 млн. рублёў. Гэта амаль удвая лепш, чым аналагічны вынік 2022 года, але прыкметна горш, чым прафіцыт 2021 года (215,3 млн).
За студзень-сакавік 2023 года сталіца зарабіла 1 765,1 млн рублёў, а выдаткі склалі 1 635,5 млн. Выходзіць, што штодзённыя выдаткі бюджэту Мінска складаюць 18,2 млн рублёў, а даходы 19,6 млн.
Аснову даходаў Мінска складае падаходны падатак (52,5 працэнта), яшчэ 17,8 працэнта прыносіць падатак на прыбытак. Жыхары сталіцы, як і мясцовыя прадпрыемствы, адносяцца да ліку самых забяспечаных у краіне, што гарантуе Мінску ўстойлівае фінансавае становішча. Больш за тое, сталіца важны донар рэспубліканскага бюджэту. Толькі за першы квартал 2023 года Мінск пералічыў у рэспубліканскі бюджэт больш за 262 млн рублёў у выглядзе бязвыплатнага трансферту, тады як большасці мясцовых бюджэтаў, наадварот, неабходна падтрымка з боку.
Палову расходаў сталіцы складаюць сферы аховы здароўя і адукацыі. У першым квартале 2023 года расходы на гэтыя напрамкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 5,2 працэнта і 20,4 працэнта адпаведна. Але больш за ўсё ў 2023 годзе выраслі выдаткі на ЖКГ (76,9%). Справа ў тым, што ў бягучым годзе камунальная сфера фінансуецца ў асноўным з мясцовых бюджэтаў. А вось сферы транспарта пашанцавала менш. На яе ў сталічным бюджэце ў першым квартале было зрасходавана на 12, 6% менш, чым у мінулым годзе за аналагічны перыяд часу.
@naszyhroszy / вх