Беларуская Служба

У Гомелі асудзілі танцорку і прадпрымальніцу Вікторыю Гаўрыліну

20.09.2023 15:01
Яе абвінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак.
Вікторыя і Дзмітрый Гаўрыліны Фота з сацыяльных сетак/ spring96.org

У Гомельскім абласным судзе 18 верасня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенай прадпрымальніцы і маці дваіх дзяцей Вікторыі Гаўрылінай. Яе абвінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за данаты паводле арт. 361-2 КК і ў незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак паводле ч. 3 арт. 203-1 КК. У ходзе судовага следства абвінавачанне за незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці паводле ч. 1 арт. 179 КК было знята, паведамляе «Вясна».

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, суддзёй выступаў Анатоль Сотнікаў.
Шляхам частковага складання суд прызначыў Вікторыі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады і тры месяцы з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

Вікторыя Гаўрыліна – прадпрымальніца, танцорка і маці дваіх дзяцей. Была затрыманая разам з мужам Дзмітрыем 27 студзеня 2023 года і да суда змешчаная ў СІЗА №3 Гомеля.

На тэлеканале АНТ паказвалі «пакаяльнае» відэа з Вікторыяй. У сюжэце яе абвінавачваюць у нібыта нявыплаце падаткаў, падпісках на «экстрэмісцкія» каналы, зліве дадзеных сілавікоў, удзеле ў плане «Перамога», фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

Разам з Вікторыяй быў затрыманы яе муж Дзмітрый Гаўрылін, які адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту і быў адпушчаны на волю.

Дзмітрый – дырэктар Гомельскага маторарамонтнага завода, вакаліст этна-гурта «Бан-Жвірба». Ён таксама вядомы танцор.

аз

Памерла журналістка «Ганцавіцкага часу» Святлана Малышка

20.09.2023 12:01
Калегі мяркуюць, што канфлікт з уладамі моцна адбіліся на стане здароўя журналісткі.