Падчас выступу на Генасамблеі ААН прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі канстатаваў, што «Расія амаль паглынула Беларусь». Згаданыя словы прагучалі ў прысутнасці і Святланы Ціханоўскай і прадстаўніка мінскага рэжыма – кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Алейніка. Ці гэта можа сведчыць пра змену рыторыкі з украінскага боку, то бок пра тое, што кіраўніцтва Украіны нарэшце пачынае прызнаваць факт, які прасоўвае частка прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў, што Беларусь фактычна апынулася пад расійскай акупацыяй.
Ніякага перарыву ў адносінах няма, падсумаваў у эфіры «Еўрарадыё» дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі, эксперт iSANS Яўген Магда:
- Гэта прагучала ў абзацы выступу Уладзіміра Зяленскага, які гаварыў пра розныя справы – пра Грузію, пра Малдову, іншыя краіны нашага рэгіёну. Не праходзіць бел-чырвона-белай ніткай Беларусь у выступе Уладзіміра Зяленскага.
Яўген Магда нагадаў, што адносіны паміж Украінай і Беларуссю зараз складаныя. Пра гэта, паводле палітолага, сведчыць факт, што на разгляд ва ўкраінскі парламент унесеныя дзве супярэчныя пастановы, якія тычацца Беларусі. Адна гаворыць пра тое, што Беларусь акупаваная краіна. Другая патрабуе прызнаць суседнюю краіну суагрэсарам у расійскай вайне.
аз