Беларуская Служба

У Беларусі хочуць паказаць вывезеных з Украіны дзяцей замежным дыпламатам

30.09.2023 18:29
 МЗС Украіны заклікае дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія атрымалі запрашэнні ў Мінску, устрымацца ад удзелу ў гэтай паездцы.
Украінскія дзеці на мінскім чыгуначным вакзале Фота: БелТА

Паводле інфармацыі МЗС Украіны, 4 кастрычніка у Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Мінску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных раней з часова акупаваных гарадоў Лісічанск і Севераданецк Луганскай вобласці.

«Адзначанае мерапрыемства мае на мэце рэалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя дзяцей можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства», — гаворыцца ў каментары ўкраінскага МЗС.

Адпаведна ўкраінскае дыпламатычнае ведамства заклікае замежныя дзяржавы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы якіх атрымалі адпаведныя запрашэнні ў Мінску, устрымацца ад удзелу ў гэтай паездцы, кваліфікуючы яе як прапагандысцкую. Міжнароднымі ж прадстаўнікамі службовыя асобы Беларусі хочуць, маўляў, толькі прыкрыцца, каб пазбегнуць адказнасці.

яс/Наша ніва