Беларуская Служба

Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік АПК, абмеркаваў з уладамі ЗША падрыхтоўку новай версіі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі

03.10.2023 15:31
Абнаўленне дакументу мусіць актуалізаваць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі і дапамагчы прыняць новыя рашэнні ў дачыненні да яе з боку ЗША.
 :                . .
На фота: Валер Кавалеўскі і намеснік памочніка сакратара бюро па справах Еўропы І Еўразіі Дзярждэпартамента ЗША Крыстафер У. Сміт.Фота: t.me/CabinetBelarus

Сярод іншага абмяркоўвалася тэма санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Намеснік кіраўніцы АПК, прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі разам з экспертамі iSANS правёў шэраг сустрэч з чыноўнікамі Дзярждэпартамента, парламентарыямі абедзвюх палат Кангрэса, прадстаўніком Савета нацбяспекі пры Белым Доме, прдастаўнікамі Міністэрства абароны ЗША.

Былі ўзнятыя пытанні «пагрозы незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці» Беларусі, абмеркавана «далейшае ўзаемадзеянне ў галіне знешняй палітыкі, перадусім у ААН».

Абмеркавалі вызваленне палітычных зняволеных, дапамогу для грамадзянскай супольнасці, медыя і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, падрыхтоўку спецыялістаў.

Адметна, што пытанне мігрантаў-беларусаў было пастаўленае ў Вашынгтоне ўжо праз некалькі дзён на сустрэчах у Кангрэсе і Дзярждэпартаменце, і было знойдзена паразуменне аб неабходнасці спрашчэння міграцыйных правіл для беларусаў.

У гэтым жа кантэксце абмяркоўваўся праект нацыянальнага пашпарта Беларусі, які быў пазітыўна ўспрыняты заходнімі партнёрамі – будзе вывучаная магчымасць дапамогі тэхнічнай экспертызай з боку адпаведных урадавых устаноў ЗША.

Амерыканскі бок «адзначыў актыўную і паспяховую працу Святланы Ціханоўскай на тыдні высокага ўзроўню на Генасамблеі ААН», паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Цяпер рыхтуецца першая сустрэча ў рамках Стратэгічнага дыялогу Беларусі і ЗША, яна запланаваная на снежань.

@CabinetBelarus