Апошнімі днямі дзяржаўныя СМІ актыўна распаўсюджваюць наратыў, што беларусы, якія пражываюць за мяжой, усё ж такі змогуць прыняць удзел у выбарах і рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на галасаванне. Але ёсць нюанс: для гэтага трэба вярнуцца ў Беларусь і знайсці той адзіны ўчастак для галасавання ў Мінску, які прадаставілі для гэтых мэтаў, паведамляе «Вясна».
Адзначаецца, што рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права грамадзяне, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, змогуць на ўчастку для галасавання № 248, размешчаным па адрасе г. Мінск, вул. Свярдлова, 30, ДУА «Гімназія № 75 імя П. У. Масленікава». Дарэчы, згаданы ўчастак знаходзіцца недалёка ад цэнтральных вакзалаў.
Каб прагаласаваць на гэтым участку, асоба павінна трапіць пад гэтыя прыкметы: валодаць выбарчым правам, пастаянна пражываць (тэрмін не ўдакладняецца) і аформіць выезд для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі, стаяць на консульскім уліку грамадзян, не мець рэгістрацыі па месцы знаходжання ў Беларусі.
Для таго каб атрымаць бюлетэнь для галасавання трэба прад'явіць пашпарт, ідэнтыфікацыйную карту, біяметрычны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Юрыстка Святлана Галаўнёва падкрэслівае, што забеспячэнне сваім грамадзянам магчымасці прагаласаваць на выбарах – гэта абавязак дзяржавы:
«Агульнапрынятай у свеце практыкай зʼяўляецца арганізацыя ўдзелу ў выбарах праз амбасады краіны. Адмаўленне ад гэтага, без нейкага рацыянальнага абгрунтавання, зʼяўляецца парушэннем міжнародных абавязкаў Беларусі і дэманстрацыяй няздольнасці ўлады выконваць свае абавязкі перад грамадствам», – лічыць Святлана Галаўнёва.
аз