Беларуская Служба

Вынеслі прысуд медыкам Гомеля, якія знішчылі амаль 100 тысяч вакцын супраць кавіду і грыпу

10.03.2024 14:51
А справаздачыліся, што зрабілі прышчэпкі.
Ілюстрацыйны здымакPixabay.com/qimono

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, загадчыца аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік Гомеля і старэйшая медсястра таго ж аддзялення з красавіка 2021-га па май 2023 года давалі калегам незаконныя ўказанні аб завышэнні звестак аб колькасці зробленых вакцынацый. Насамрэч вакцыны знішчаліся.

За гэты перыяд знішчана звыш 92 тысяч доз вакцын коштам каля 2,7 мільёна рублёў.

Загадчыцы аддзялення прафілактыкі і старэйшай медсястры было прад'яўлена абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, медсястры прышчэпачнага кабінета – у дапамозе такім дзеянням.

У судовым паседжанні жанчыны прызналі сваю віну ў поўным абʼёме.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў 7 сакавіка загадчыцы аддзялення і старэйшай медсястры па пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, медсястры кабінета – чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць у салідарным парадку з абвінавачаных на карысць Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў прычыненую матэрыяльную шкоду.

Наша Ніва

нг