Па дадзеных Белстата, у эканоміцы Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2023 г. было занята 4143,3 тыс. чалавек. Пра тое, ці страшная лічба страты цягам года 50 тысяч чалавек для эканомікі мы размаўляем з Львом Львоўскім, эканамістам даследчыцкага цэнтру BEROC.
Эксперт кажа, што трэба разглядаць працэс у дынаміцы. Калі б гэта быў адзінкавы выпадак, то не так і страшна, але адток людзей з рынку працы краіны назіраецца на працягу некалькіх гадоў. І хаця апошнім часам усе кажуць пра маштабы міграцыі, насамрэч не гэта найбольш трывожны працэс, а дэмаграфічныя праблемы – старэнне насельніцтва, нізкая нараджальнасць.
«Беларускае насельніцтва старэе хутчэй, чым змяншаецца колькасна. Гэта частка доўгага дэмаграфічнага працэсу, які не спыняецца і пачаўся не ўчора. Эміграцыя пагаршае сітуацыю, але і без яе ўсё кепска. Апошнія дадзеныя па каэфіцыенту нараджальнасці – 1,38 дзіцяці на жанчыну. Насельніцтва старэе, скарачаецца колькасна», – гаворыць эксперт BEROC.
Што будзе з такой дынамікай праз некаторы час? Цяпер у Беларусі прыкладна 40 пенсіянераў на сто чалавек працаздольнага ўзросту. Да 2050 года гэты паказчык вырасце да 60-65 пенсіянераў на сто чалавек працаздольнага ўзросту. Гэта вялікая нагрузка для эканомікі.
Леў Львоўскі гаворыць, што бягучыя сацыяльна-дэмаграфічныя трэнды наўрадці ў бліжэйшы час зменяцца ў лепшы бок. Можа змяніцца сітуацыя, калі зменіцца міграцыйная частка – зменшыцца эміграцыя з краіны і вырасце іміграцыя ў Беларусь. Але гэта складана прагназаваць на далёкую перспектыву, бо патрэбныя змена палітычнага рэжыму, змена эканамічнай прывабнасці краіны для жыцця ў ёй. «Пакуль што размова пра гэта не ідзе», – кажа Леў Львоўскі.
Што тычыцца міграцыйных працэсаў, то найбольш беларусаў за апошнія гады з’ехалі ў Польшчу. Але немагчыма, напрыклад, ацаніць міграцыю ў Расію, бо ў межах саюзнай дзяржавы працэс пераезду больш просты з бюракратычнага погляду.
У Польшчу з’ехалі «крыху больш маладыя і больш адукаваныя беларусы», чым у сярэднім насельніцтва Беларусі
У Польшчу з’ехалі «крыху больш маладыя і больш адукаваныя беларусы», чым у сярэднім насельніцтва Беларусі. Шмат беларусаў у Польшчы працаўладкаваныя ў сферах транспартных паслуг (кіроўцы-дальнабойшчыкі) і інфармацыйных тэхналогій (ІТ-сектар).
Разважаючы пра дэмаграфічную палітыку беларускіх уладаў, Леў Львоўскі кажа, што ёсць некалькі важных інструментаў, якія не былі задзейнічаныя. І размова не пра самы доўгі ў свеце аплочваемы дэкрэтны адпачынак па доглядзе за дзіцём да трох год.
Бягучыя меры былі паспяховымі да 2017 года, нараджальнасць расла і на піку каэфіцыент нараджальнасці быў 1,75 дзіцяці на жанчыну. Гэта таксама менш за каэфіцыент аднаўлення, але лепш за цяперашнюю сітуацыю.
Чаму людзі могуць выбіраць не заводзіць дзяцей. Адна з іх палягае на тым, што дзеці – дарагое задавальненне. На іх выхаванне, адукацыю патрэбныя грошы. Другое – гэта доўгі па часе працэс. «І дзеці могуць уступаць у канфлікт з кар’ерай, асабліва з кар’ерай маці, – разважае Леў Львоўскі. – У Беларусі жанчыны трацяць больш часу на дзяцей, а асабліва ў першыя гады жыцця».
Доўгі дэкрэтны адпачынак у сучасным свеце не так і добра, бо жанчына, якая выпадае на тры гады з рынку працы, можа згубіць кваліфікацыю, некаторыя навыкі і гэтак далей. Да таго ж склалася культурная норма, паводле якой, калі сыходзіш з дэкрэту раней за тры гады, гэта не адабраецца грамадствам. У краіне таксама невялікая прапанова ясель для маленькіх дзяцей – вялікія чэргі ў дзяржаўныя, а прыватныя яслі складана арганізаваць.
Таксама ёсць пытанне з падзелам дэкрэтнага адпачынку паміж маці і бацькам. Хаця ў плане захавання кар’еры і развіцця ўнутрысямейных адносінаў гэта было б добрым крокам. Можна было б разгледзець досвед Швецыі.
«Каб было жаданне заводзіць дзяцей, людзям патрэбная стабільнасць. Калі жывуць як на вулкане, не пачуваюцца ў бяспецы, аднаго сябра пасадзілі, другі з’ехаў, а трэці ў чорныя спісы патрапіў, то людзі пачуваюцца нервова. У нас і ў 1990-ыя было падзенне нараджальнасці з-за сітуацыі нестабільнасці», – гаворыць эканаміст.
вх