Беларуская Служба

Дачка палітзняволенай Алены Гнаўк выехала ў Польшчу з трыма дзецьмі. Ідзе збор сродкаў на дапамогу

27.05.2024 07:15
Аляксандра Семянюк, дачка палітзняволенай пенсіянеркі Алены Гнаўк, з'ехала з Беларусі з трыма дзецьмі.
 ,     ,      .
Аляксандра Семянюк, дачка палітзняволенай пенсіянеркі Алены Гнаўк, з'ехала з Беларусі з трыма дзецьмі.Фота з адкрытых крыніц

Для Аляксандры Семянюк на платформе Bysol абʼяўлены збор сродкаў. 

«Кожнае затрыманне мамы, шматлікія суды, ператрусы і турэмны тэрмін, былі стрэсам і велізарным перажываннем для мяне і маіх дзяцей. Але тое, як трымалася і трымаецца мая мама ў 67 гадоў, нягледзячы на ўсе катаванні і пераследы ў турме – для мяне прыклад велізарнай стойкасці, сілы нязломнага характару і жыццялюбства», – піша Аляксандра Семянюк.

«Я рабіла ўсё магчымае, каб дапамагаць маці за кратамі і інфармаваць грамадства пра тое, што з ёй там адбываецца», – распавядае Аляксандра.

23 студзеня гэтага года да яе прыйшлі сілавікі. У доме адбыўся вобшук, нешта канфіскавалі,  Аляксандру адвезлі на шасцігадзінны допыт у КДБ.

Пасля допыту жанчыну адвезлі ў Следчы камітэт і выставілі абвінавачванне па арт. 361 КК РБ (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Нагадаем, у студзені больш чым да 200 чалавек сілавікі прыйшлі з пытаннямі наконт дапамогі рэпрэсаваным.

Аляксандру Семянюк  таксама пераследавалі за дапамогу, атрыманую ад арганізацыі DissidentBy. Яе пасадзілі на трое сутак у ІЧУ ў жахлівыя ўмовы, а пасля выхаду з турмы жанчына вырашыла з'ехаць з краіны, каб не засталіся без апекі  трое дзяцей, якіх Аляксандра гадуе адна.

З мінімальнай колькасцю грошай і рэчаў у красавіку 2024 года сямʼя выехала з Беларусі і цяпер пачынае новае жыццё ў Польшчы. Аляксандра Семянюк з дзецьмі знаходзіцца ў шэлтары для беларусаў і мае моцную патрэбу ў фінансавай падтрымцы.

«Нам трэба зняць жыллё, з магчымасцю аплаты на некалькі месяцаў наперад. Набыць рэчы і прадметы першай неабходнасці, бо няма нават элементарных рэчаў – не так шмат мы змаглі прывезці ў заплечніках. Пакуль мы тут адаптуемся, легалізуемся – без сяброў і працы я не разумею, чым і як я буду карміць сваіх дзяцей. Таму я шукаю дапамогу ў кожнага, хто можа зразумець і падзяліць маё становішча і стан», – піша жанчына.

Падтрымаць Аляксандру Семянюк і яе дзяцей можна па спасылцы.

Маці Аляксандры Алену Гнаўк, 67-гадовую пенсіянерку з Пружаншчыны, з 2020 года судзілі ўжо чатыры разы па палітычных крымінальных справах. Цяпер да яе вызвалення засталося прыкладна два гады. Адбывае тэрмін жанчына ў калоніі № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёне.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Алене Гнаўк павінны былі зрабіць аперацыю на кішэчніку, бо там зʼявіліся новаўтварэнні, але ці зрабілі – невядома. Увогуле з ёй няма сувязі ўжо амаль паўгода.

вх