У Воршы часта зʼяўляюцца розныя абʼявы з запрашэннем на працу ў Расію. Аднак улёткі, якія зʼявіліся некалькі дзён таму ў паштовых скрынках жыхароў горада, трохі адрозніваюцца ад звычайных. Фон улёткі – узброены расійскі вайсковец, і гэта намякае, што гаворка ідзе зусім не пра садова-паркавыя працы. Пасля званкоў на прадстаўленыя ў абʼяве нумары пацвярджаецца, што гаворка ідзе пра вербаванне беларускіх грамадзянаў на вайну з Украінай у склад расійскай ПВК.
Рэклама з вербаваннем беларусаў на вайну ўсё часцей зʼяўляецца і на старонках расійскай сацсеткі «ВКонтакте». За падпісанне кантракта абяцаюць аднаразовую выплату 450 тыс. расійскіх рублёў і расійскае грамадзянства, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за найміцтва ў Беларусі. На фоне недастатковай колькасці расійскіх грамадзянаў, якія бяруць удзел у агрэсіі супраць Украіны, у Расіі спрабуюць вербаваць замежных грамадзянаў, у тым ліку беларусаў.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь не будзе браць удзелу ў вайне супраць Украіны, пры гэтым тэрыторыя Беларусі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання стала вайсковай базай для ўзброеных сіл Расіі. Заходнія краіны лічаць Беларусь удзельнікам канфлікту, пры гэтым сярод грамадзянаў пераважаюць антываенныя настроі.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск