Арганізацыйны камітэт Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак на ўдзел у XII Кангрэсе, які адбудзецца з 25 па 27 верасня 2025 года ў Берліне (Нямеччына), паведамляе reform.news.
У 2025 годзе праца Кангрэса будзе адбывацца па 12 даследчых кірунках, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыю, міжнародныя адносіны і паліталогію, сацыялогію, лінгвістыку, літаратуразнаўства і іншыя.
Галоўны акадэмічны партнёр — Humboldt-Universität zu Berlin (Універсітэт ім. Гумбальта ў Берліне). Каб прыняць удзел у Кангрэсе ў якасці выступоўцы, неабходна запоўніць анлайн-форму і прадставіць тэзісы памерам 2–4 тыс. знакаў. Дэдлайн — 16 чэрвеня 2025 года.
Асноўныя працоўныя мовы Кангрэса — беларуская і англійская; дадатковыя — нямецкая, польская, украінская, літоўская, руская. Працоўныя мовы асобных панэляў вызначаюцца іх каардынатарамі.
Для ўдзелу ў Кангрэсе дазваляецца запаўненне толькі адной заяўкі; выступаць з двума дакладамі не дазваляецца.
Збор заявак на ўдзел у Кангрэсе гасцей і журналістаў, а таксама на арганізацыю прэзентацый навуковых, культурных, выдавецкіх праектаў і г.д. будзе аб’яўлены пазней.
Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, што даследуюць беларускае грамадства, палітыку і культуру. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для распрацоўкі новых даследчых і грамадскіх праектаў, абмену ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.
Місія Кангрэса — развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёна і свету.
эж