Выдаўцоў уганаравалі за адданасць выдавецкай справе, нягледзячы на пагрозы, пераслед і выгнанне з Беларусі.
Беларуска Надзея Кандрусевіч заснавала выдавецтва дзіцячых кніг Koska ў Беларусі ў 2018 годзе, каб выпускаць літаратуру на беларускай мове. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў выдавецтва «Коска» канфіскавалі выданні, а офісы зачынілі. З 2022 году Надзея Кандрусевіч працягвае сваю працу ў эміграцыі, і па-ранейшаму друкуе кнігі для беларускіх дзяцей.
Надзея Кандрусевіч вядомая як перакладчыца і выдавец дзіцячых кніг шведскіх аўтараў. Са шведскай мовы дзіцячыя кнігі перакладае з 2008 года. Пераклала асобныя часткі сусветна вядомай серыі пра Маму Му шведскіх казачнікаў Юі і Томаса Вісландэраў. Пераклала і выдала шэраг кніг Свена Нурдквіста пра Пэтсана і ката Фіндуса.
Надзея — лаўрэат прэміі «Гарачае сэрца» Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі (2018) за адданасць дзіцячай літаратуры Швецыі і яе папулярызацыю. Яна таксама лаўрэат Прэміі імя Карласа Шэрмана (2019) за пераклад са шведскай «Мітусьня ў агародзе» Свена Нурдквіста.
Надзея Кандрусевіч не змагла прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання. Але перадала сваё пасланне:
«Дзякую за вялікі гонар – атрымаць прэмію «Prix Voltaire«. Гэтае прызнанне пацвярджае не толькі важнасць выдання і перакладу дзіцячых кніг, але і веру ў ціхую сілу слова: фармаваць мысленне, адкрываць сэрцы, будаваць масты паміж мовамі, культурамі ды пакаленнямі. Веру ў тое, што нават самым маленькім чытачам патрэбныя гісторыі, якія гавораць праўду, развіваюць уяўленне і робяцца люстэркам – ці акном – у свет. Гэтая прэмія належыць усім перакладчыкам, выдаўцам і аўтарам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што. Усім дзецям, што чытаюць або слухаюць гісторыі перад сном, і ўсім бацькам, што вераць у сілу добрай кнігі».
Паэт і выдавец Дзмітры Строцаў выступіў на цырымоніі з прамовай па-беларуску.
«У сакавіку 2022 годау я з'ехаў на Захад з адной маленькай валізкай. Я ўцякаў ад палітычнага пераследу, але і рыхтаваўся да новай місіі – скарыстаць трыццаць гадоў выдавецкага досведу, каб стварыць свабоднае беларускае выдавецтва ў выгнанні. Сёння каля трыццаці беларускіх выдавецтваў аднавіліся ці ўзніклі ў выгнанні – і мы ўсе цесна звязаныя паміж сабой. Мы маем выдавецкую супольнасць.
Я хачу падзякаваць Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў за прэмію Вальтэра. Гэта важная падтрымка беларускага дэмакратычнага супраціву, гэта адкрытае запрашэнне для незалежных выдаўцоў-беларусаў далучыцца да глабальнай выдавецкай сям’і».
Кіраўніца IPA Гванца Джобава сказала, што для асацыяцыі гонар адзначыць беларускіх выдаўцоў, для якіх кнігадрук – гэта яшчэ супраціў.
«Рызыкуючы сабой, яны натхняюць надзеяй, патрабуюць роздуму, нясуць культуру», – сказала Гванца Джобава.
Дзмітры Строцаў — беларускі паэт, выдавец і актывіст. Пасля таго, як яго выдавецтва «Вінаград» пазбавілася ліцэнзіі ў Беларусі, ён працягнуў падпольна выдаваць кнігі, насуперак дзяржаўнай цэнзуры. Строцаў быў арыштаваны ў кастрычніку 2020 года, Строцаў пасля сутыкнуўся з пагрозамі і абмежаваннямі ў сваёй працы. Ён быў вымушаны пакінуць краіну, пераехаў у Берлін і заснаваў там выдавецтва Hochroth Minsk як платформу для беларускіх пісьменнікаў, каб яны маглі свабодна публікаваць свае творы.
Кароткі спіс прэтэндэнтаў на прэмію IPA Prix Voltaire 2025 года:
Махамад Хадзі, «Dar Al Rafidain», Ліван
Амар Інграхен, Франц Фанон, Алжыр
Надзя Кандрусевіч, «Koska», Беларусь (у выгнанні ў Швецыі)
Мішэль Мушабек, «Interlink Publishing», ЗША
Дзмітрый Строцаў, «Hochroth Minsk», Беларусь (у выгнанні ў Германіі)
Георгій Урушадзэ, «Freedom Letters», Расія (у выгнанні ў Вялікабрытаніі)
У мінулым годзе ў шорт-ліст прэміі ўвайшоў беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.
Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе. Яе місія — спрыяць кнігавыданню, абараняць яго і павышаць веды пра выдавецкую дзейнасць. Ва ўсім свеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаванню аўтарскіх правоў, пісьменнасці і свабоды друку. Гэта прафесійная асацыяцыя праваабарончага кірунку.
У Міжнародную асацыяцыю выдаўцоў ўваходзяць 60 арганізацый больш як з 50 краінаў. Цэнтральны офіс месціцца ў Жэневе.
вх