Беларуская Служба

У нядзелю ў Варшаве пройдзе канферэнцыя «Reshape» — абмяркуюць будучыню Беларусі

10.06.2025 18:16
15 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца канферэнцыя «Reshape», прысвечаная пытанням будучыні Беларусі і яе месцу ў глабальным свеце.
Аўдыё

Удзел у канферэнцыі «Reshape» возьмуць каля 150 прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскай-палітычнай сферы, сацыяльнага прадпрымальніцтва і журналістыкі.

Канферэнцыя пройдзе ў афлайн-фармаце. Падчас яе правядзення адбудзецца некалькі дыскусій і дэбатаў на тэмы, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца актуальнымі для беларускага грамадства.

У праграме «Reshape» заяўленыя:

  • Дэбаты «Што нам прынеслі апошнія пяць гадоў» з удзелам Франака Вячоркі, Аліны Харысавай, а таксама Андрэя Ягорава і Лізаветы Пракопчык.
  • Дыскусія «Ці верыць Захад у еўрапейскую Беларусь», у якой возьмуць удзел Крыстафер Форст, Еннэс дэ Моль, Вольга Неманежына, Марцін Вайцяхоўскі.
  • Выступленні найлепшых выпускніц і выпускнікоў Акадэміі новай беларускай дыпламатыі мінулых гадоў. Мадэраваць панель будзе былы дыпламат Павел Мацукевіч.
  • Фінальная дыскусія «2030. Што чакаць ад новай пяцігодкі» з удзелам Арцёма Шрайбмана, Вольгі Лойкі, Аліны Коўшык і Філіпа Біканава.

«За апошнія пяць гадоў свет змяніўся. Чаго мы дасягнулі ў ім, ці засталося ў новым свеце месца для дэмакратычнай Беларусі, як бачаць нашу будучыню замежніцы і замежнікі, і чаго нам чакаць ад новай пяцігодкі – гэта будзем абмяркоўваць на Reshape 2025», – адзначаюць арганізатары канферэнцыі.

Канферэнцыя «Reshape» праводзіцца пачынаючы з 2017 году. Апошні раз у Беларусі яна праводзілася ў афлайн-фармаце ў 2019-м. У 2021 і 2022 гадах яе ўдзельнікі сустракаліся ў анлайн з-за каранавірусу. Апошні раз месцам правядзення канферэнцыі была Варшава ў 2023 годзе.

Падрабязнасці можна паглядзець на сайце канферэнцыі «Reshape».

belsat.eu/вх