Беларуская Служба

У Беларусь з Расіі даставяць вялікую партыю авіябомбаў і ракет – «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі»

13.06.2025 17:06
Паводле даных «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», груз адносіцца да 1-га класа небяспекі («выбуховыя матэрыялы») і ўяўляе сабой «авіябомбы і ракеты розных тыпаў».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Shutterstock/Drop of Light

14–30 чэрвеня ў Беларусь з Расіі будуць увезеныя «авіяцыйныя сродкі паражэння ў аб’ёме двух эшалонаў» — па 50–60 вагонаў кожны, паведамляе са спасылкай на свае крыніцы ініцыятыва «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» («СЧБ»).

Адзначаецца часовае ўзмацненне патрабаванняў да бяспекі ў Баранавіцкім (Брэсцкая вобласць) і Віцебскім аддзяленнях Беларускай чыгункі: работнікам прадпісана праяўляць «павышаную пільнасць да старонніх асоб і нетыповых патэнцыйна небяспечных прадметаў».

Паводле даных «СЧБ», груз адносіцца да 1-га класа небяспекі («выбуховыя матэрыялы») і ўяўляе сабой «авіябомбы і ракеты розных тыпаў».

Перамяшчэнне ўзбраення, як сцвярджаецца, узгоднена з Упраўленнем ваенных перавозак (уваходзіць у склад транспартных войскаў Узброеных сіл Беларусі).

Станцыямі прызначэння названыя Ліда (Гродзенская вобласць) і Прудок (Гарадокскі раён, Віцебская вобласць).

«СЧБ» звяртае ўвагу, што недалёка ад Ліды знаходзіцца ваенны аэрадром, дзе базуецца 116-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная база Узброеных сілаў.

 Супрацоўнікаў беларускай чыгункі прымушаюць падпісваць «памяткі» пра нераспаўсюд інфармацыі — гэта можа быць звязана з вучэннямі «Захад»

Паблізу Прудка месціцца «арсенал авіяцыйных сродкаў паражэння» (2631-я авіяцыйная база захоўвання ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў, в/ч №94017), які з’яўляецца «адзіным у Беларусі арсеналам авіяцыйных боепрыпасаў», гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што на 2631-ю базу ў 2024 годзе быў пастаўлены 161 вагон грузу класа «ВМ» («выбуховыя матэрыялы»).

Размешчаны побач са станцыяй Прудок арсенал авіяцыйных сродкаў паражэння «забяспечвае ўсе асноўныя (і рэзервовыя) ваенныя аэрадромы Беларусі і з’яўляецца адзіным падобным аб’ектам у краіне», падкрэслівае «СЧБ».

Увосень 2025 года на беларускай тэрыторыі пройдуць сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні «Захад-2025». Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін 28 траўня на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін АДКБ заявіў пра «зніжэнне параметраў» гэтых вучэнняў і перанос манеўраў ад мяжы ўглыб Беларусі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай ваеннай сілы і верагоднасць узброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі аналагічна падзеям 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння сумесных ваенных вучэнняў.

вх