У ноч з 30 на 31 ліпеня 2025 года ў Беларусь заляцела не менш за 26 расійскіх беспілотнікаў — гэта рэкордная колькасць за адну ноч, паведамляе гомельскае незалежнае выданне «Флагшток», спасылаючыся на ТГ-канал «Ринда моніторить».
Дроны былі заўважаныя ў раёнах Хойнікаў, Нароўлі, Брагіна, Мазыра і Гомля. За ўвесь ліпень у Беларусь трапіла каля 96 дронаў, што таксама з’яўляецца месячным рэкордам.
Прычыны пранікнення расійскіх дронаў на беларускую тэрыторыю невядомыя. Магчыма, гэта вынік радыёэлектроннай барацьбы ці наўмыснага перанакіравання з небяспечных кірункаў. Часта дроны прылятаюць не з Расіі, а з тэрыторыі Украіны.
Нагадаем, 29 ліпеня адзін дрон зваліўся ў Мінску. Улады заявілі, што ён быў украінскі, але эксперты сумняюцца, бо дрон ляцеў з боку Расіі.
У тую ж ноч Расія нанесла буйную атаку па Украіне: з 309 паветраных цэляў 291 была збіта ўкраінскай СПА, але некаторыя ракеты і дроны дасягнулі цэляў, у тым ліку пад ударам былі жылыя дамы ў Кіеве і Краматорску. Толькі ў Кіеве загінула каля 30 чалавек.
эж