Беларуская Служба

Прэм’ер Славакіі папрасіў вызначыць яму час для наведвання Беларусі – прэс-служба Лукашэнкі

03.09.2025 17:14
Да нядаўняга часу Славакія была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску.
Прэм’ер Славакіі Роберт Фіца PAP/EPA/ALEXANDER KAZAKOV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Прэм’ер Славакіі Роберт Фіца падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам 3 верасня ў Пекіне папрасіў таго вызначыць час для наведвання Беларусі, каб абмеркаваць варыянты супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Напярэдадні абодва яны правялі ў Кітаі перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Палітыкі прыбылі на парад з нагоды 80-годдзя перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны, нагадвае «Позірк».

Да нядаўняга часу Славакія была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Аднак восенню 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя «Напрамак – сацыяльная дэмакратыя» на чале з Фіца, які ў чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006-2010, 2012-2016 і 2016-2018 гадах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Міністр культуры Славакіі Марціна Шымкавічова ў сярэдзіне студзеня 2024-га скасавала загад папярэдніцы Наталлі Міланавай, які забараняў культурнае і акадэмічнае супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй. Забарона была ўведзеная ў сакавіку 2022 года з-за расійскай вайны супраць Украіны.

Лукашэнка сустракаўся з Фіца падчас ягонай ранейшай прэм’ерскай кадэнцыі ў Мінску ў лістападзе 2016 года, калі Славакія старшынствавала ў Еўрасаюзе. Таксама ён меў кароткую размову з Фіца сёлета 9 траўня пасля параду ў Маскве.

Афіцыйна Славакія, як член ЕС, уваходзіць у лік замежных дзяржаў, якія «ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб».

Славакія і Венгрыя – дзве краіны ЕС, прадстаўленыя ў Мінску на ўзроўні амбасадара.

У апошні час Славакія разам з Венгрыяй, якой кіруе прарасійскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан, актыўна процідзейнічаюць прыняццю ў рамках ЕС новых пакетаў антырасійскіх санкцый, у якія традыцыйна ўключаюцца і беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы.

аз

У Пекіне адбыўся ваенны парад з удзелам Пуціна, Кіма і Лукашэнкі

03.09.2025 10:40
Распачынаючы парад, камуністычны лідар Кітая, старшыня Сі Цзіньпінь абвясціў пра «нястрымнае адраджэнне кітайскай нацыі» і будучы «трыумф справы міру і развіцця чалавецтва»