Беларуская Служба

«Няма людзям спакою». Расійскія беспілотнікі залятаюць у Беларусь і падаюць у Брагінскім раёне

13.10.2025 12:27
Высветлілася, што абодва дроны выбухнулі ў Камарыне. 
Беспілотнік "Шахед"Anelo/Shutterstock

Армія РФ працягвае выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі для атак на Украіну, хоць такія выпадкі цяпер фіксуюцца значна радзей, чым раней — пасля таго, як Расія змяніла тактыку сваіх нападаў.

Аднак нават пры такіх рэдкіх залётах расійскіх дронаў у Гомельскую вобласць здараюцца інцыдэнты. Адзін з іх адбыўся 1 кастрычніка, але пра гэта «Флагшток» даведаўся толькі цяпер: два расійскія беспілотнікі ўпалі ў прыгранічным гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна.

У той дзень маніторынгавыя каналы паведамлялі пра расійскія дроны ў паветранай прасторы Беларусі падчас чарговай масіраванай атакі РФ. А 16:55 тэлеграм-канал «еРадар» паведаміў, што каля Хойнікаў у напрамку Жытомірскай вобласці Украіны рухаюцца два БпЛА. Раней, каля 16:25, дрон праляцеў над Брагінам. Неўзабаве, у 18:05, ТГ-канал «Рында маніторыць» паведаміў пра вылет аднаго БпЛА з Беларусі курсам на Чарнобыль.

Высветлілася, што абодва дроны тады выбухнулі ў Камарыне. Паводле слоў мясцовых жыхароў, адзін з іх упаў недалёка ад АЗС і выбухнуў у сасняку, а другі ўрэзаўся проста ў прыватны дом, прабіўшы дах, але не выбухнуў.

«Мясцовых жыхароў у вялікім радыусе адсялялі надоўга — ніяк не маглі размінаваць. І часта, як і раней, дроны гудзяць над пасёлкам, паварочваючы на Кіеў або пралятаючы ў бок Брагіна. Няма людзям спакою», — распавяла крыніца.

Больш дакладных звестак пра інцыдэнт няма, таму «Флагшток» просіць тых, хто валодае інфармацыяй, напісаць яму.

Камарын знаходзіцца ў той самай «кішэні», праз якую пралягае маршрут расійскіх БпЛА: яны залятаюць на тэрыторыю Украіны, пралятаюць праз Брагінскі раён Беларусі транзітам і вяртаюцца назад ва Украіну.

нг