Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны і Міністэрства моладзі і спорту краіны ўключылі беларускую гімнастку Аліну Гарноську і батутыста Івана Літвіновіча ў спіс для ўвядзення супраць іх санкцыяў і забароны на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, паведамляе «Свабода».
Паводле Міністэрства абароны Украіны, беларускія спартоўцы апынуліся ў спісе разам з 8 расійскімі атлетамі, якія ўдзельнічаюць у «прапагандысцкіх захадах і, нягледзячы на гэта, атрымліваюць нейтральны статус і працягваюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах».
Паводле ўкраінскай выведкі, Аліна Гарноська ўдзельнічала ў прапагандысцкім фестывалі «Час нашых перамог», праведзенага на даручэнне «самаабвешчанага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі». У 2025 годзе выступала як нейтральная спартсменка на многіх міжнародных турнірах у Баўгарыі, Германіі і Партугаліі.
Іван Літвіновіч трапіў у спіс за тое, што ў 2021 годзе падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у лютым 2022-га заклікаў беларусаў прагаласаваць на незаконным рэферэндуме, а ў верасні 2024 года атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Айчыны ІІ ступені. У студзені 2024 года Літвіновіч атрымаў ад Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG) статус нейтральнага спартоўца, у чэрвені таго ж года Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў яму ўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах у якасці нейтральнага спартоўца.
Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Украіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе, калі яны не звязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не выступалі ў падтрымку вайны супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя федэрацыі.
На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасці і ў нейтральным статусе, заваявалі чатыры медалі – залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
аз