У Беларусі для пэўных катэгорый насельніцтва плануюць павысіць падаходны падатак — да 40%. Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў распавёў, калі можа пачаць дзейнічаць гэтае новаўвядзенне, калі яго зацвердзяць. Фактычна можа з’явіцца трохступенная прагрэсіўная шкала, пры якой стаўка расце разам з узроўнем даходу.
«Зеркало» нагадвае, што летась у Беларусі ўвялі павышаную стаўку падатку для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў у год (у 2025-м парог паднялі да 220 тысяч). Такія людзі павінны плаціць падаходны падатак у памеры 25% з сумы перавышэння, замест цяперашніх 13%. Гэта датычыцца даходаў ад дывідэндаў, па працоўных дамовах, а таксама па грамадзянска-прававых пагадненнях.
Цяпер прапануецца павысіць парог абкладання даходаў па стаўцы 25% з 220 000 да 350 000 рублёў. Пры гэтым з сумы, якая перавышае 600 000 рублёў, плануецца спаганяць падатак па стаўцы 40%.
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў распавёў, якую дыферэнцыяцыю плануюць увесці па падаходным падатку.
«Ёсць тыя, хто атрымлівае большыя даходы. У асноўным гэта не заработная плата: нейкія выплаты ад прадпрыемстваў, дывідэнды, даходы як ІП, які плаціць падаходны падатак са сваёй дзейнасці, — адзначыў міністр. — Калі мы ўвялі падатак 25%, павышаную стаўку, то за мінулы год даплата з гэтага перавышэння склала крыху больш за 200 млн рублёў. Таму для тых, хто атрымлівае яшчэ большыя звышдаходы, прапануецца падняць гэтую стаўку яшчэ вышэй».
Змены могуць закрануць не менш за тысячу чалавек — гаворка пра тых, хто можа трапіць на трэцюю прыступку прагрэсіўнай шкалы па даходах. Як падкрэсліў Селіверстаў, па сённяшніх паказчыках відаць, што дадатковыя выплаты складуць сотні мільёнаў рублёў.
«Гэта будзе ў 2027 годзе, калі нас падтрымаюць. Але павышэнне падаходнага падатку для ўсіх грамадзян у дадзеным выпадку неапраўданае», — падсумаваў кіраўнік Мінфіна.
нг