Беларуская Служба

Фінляндыя выдала першы дазвол на жыхарства для дзіцяці на падставе праязнога дакумента замежніка

19.11.2025 16:16
Гэта важны крок, які дае беларускім дзецям магчымасць жыць у бяспецы, лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі.
Сцяг ФінляндыіFoto: jorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упершыню пасля змянення фінскага заканадаўства дзіцяці быў выдадзены дазвол на жыхарства на падставе праязнога дакумента замежніка. Раней атрымаць або працягнуць дазвол на жыхарства без сапраўднага беларускага пашпарта было немагчыма, паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай.

Дзякуючы працы дэмакратычных сілаў, Офіса Святланы Ціханоўскай і Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне, якая сістэмна займалася гэтым пытаннем, у закон былі ўнесены неабходныя змены. Цяпер ён прадугледжвае, што патрабаванне аб праязных дакументах можа быць адменена ў асобных выпадках – калі існуе значная прычына або калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзіцяці.

«Хачу выказаць шчырую падзяку нашым фінскім партнёрам, Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне і ўсёй беларускай дыяспары ў Фінляндыі, якія прыклалі шмат намаганняў, каб гэта стала магчымым», – заявіў дарадца па пытаннях дыпламатыі Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Паводле яго, гэта важны крок, які дае беларускім дзецям магчымасць жыць у бяспецы нават у выпадках, калі яны не могуць атрымаць патрэбныя дакументы.

«Такія пытанні рэдка вырашаюцца хутка – яны патрабуюць цярплівасці і дакладнай аргументацыі. Але мы і надалей будзем рабіць усё, каб абараняць інтарэсы беларусаў і беларусак за мяжой. Гэта наш абавязак – дапамагаць тым, хто вымушана пакінуў дом дзеля сваёй бяспекі і бяспекі сваёй сям'і», – запэўніў эксперт.

аз