Абодва бакі прадставілі свае дакументы, а потым паспрабавалі ўносіць папраўкі да праектаў адзін аднаго. У выніку прынялі рэзалюцыю Украіны, а беларускую нават не сталі разглядаць, паведамляе Люстэрка.
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік, прадстаўляючы свой тэкст дакумента, заявіў, што Беларусь «страціла любое маральнае права ініцыяваць рэзалюцыі Генасамблеі, звязаныя з тэмай Чарнобыля». У адказ беларускі бок падкрэсліў, што ніколі не адмаўляўся ад ролі куратара штогадовай «чарнобыльскай» рэзалюцыі.
Украіна таксама запатрабавала, каб менавіта яе праект разглядаўся першым. Беларусь у сваім пярэчанні заявіла, што яе дакумент быў прадстаўлены раней, таму парушэнне парадку стане «працэдурнай маніпуляцыяй» і прывядзе да «прававога нігілізму».
У выніку па выніках галасавання – 56 краін за, 17 супраць і 63 тых, хто ўстрымаўся, – Асамблея вырашыла першай разгледзець украінскую рэзалюцыю.
Прыняты быў украінскі праект пад назвай «Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы». За яго прагаласавалі 97 краін, супраць – 8 (Беларусь, Кітай, Куба, КНДР, Нікарагуа, Нігер, Расія і нечакана ЗША), 39 краін устрымаліся.
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы падтрымаць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы ліквідацыі наступстваў аварыі і прывязаць гэтыя намаганні да дасягнення мэтаў устойлівага развіцця. Таксама дакумент прадугледжвае правядзенне 24 красавіка 2026 года спецыяльнага паседжання Генасамблеі да 40-годдзя катастрофы.
Перад прыняццем украінскай рэзалюцыі разглядалася прапанаваная Беларуссю папраўка. Яна меркавала змяніць украінскамоўнае напісанне Chornobyl на транслітараванае з рускай Chernobyl, прыбраць згадку Украіны ў адным з абзацаў і выдаліць некалькі ключавых пунктаў. Гэтая папраўка была адхіленая – 16 галасоў за, 58 супраць, 61 устрымаўся.
Пасля прыняцця ўкраінскага праекта прадстаўнік Украіны заявіў, што ў такім выпадку разглядаць беларускую рэзалюцыю не патрабуецца. Беларусь і Расія выступілі супраць, аднак галасаванне падтрымала ўкраінскую прапанову: 52 краіны за, 23 супраць, 60 устрымаліся. У выніку Генасамблея не стала абмяркоўваць беларускі праект «Доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы» і прапанаваную да яго ўкраінскую папраўку.
Люстэрка/ав