Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сілавікі шукаюць інфармацыю аб патэнцыйных удзельніках канферэнцыі «Новая Беларусь»

05.08.2026 13:11
На першай канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбылася ў 2022 годзе ў Вільні, Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету і прызначыла яго прадстаўнікоў.
       .
Святлана Ціханоўская ў студыі Беларускай службы Польскага радыё.Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё/Барыс Судзін

Беларускія сілавікі спрабуюць знайсці інфармацыю аб патэнцыйных удзельніках канферэнцыі «Новая Беларусь», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

З невядомых акаўнтаў у месенджэрах, як паведамляецца, пішуць беларусам і распытваюць, ці плануе чалавек удзельнічаць у мерапрыемстве і як да яго рыхтуецца, піша «Позірк».

Адзін з такіх зацікаўленых прадставіўся «Сяргеем з Мінска».

Штогадовая, ужо пятая, канферэнцыя «Новая Беларусь» пачнецца ў Варшаве 7 жніўня з шэрагу сайд-івэнтаў. Асноўная праграма запланавана на 8–9 жніўня: у гэтыя дні плануецца абмеркаванне будучыні краіны, прэзентацыя праектаў і ініцыятыў. Чакаецца ўдзел дэмлідара Святланы Ціханоўскай, іншых палітыкаў і актывістаў.

Як правіла, мерапрыемства праводзіцца ў перыяд гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. На першай канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбылася ў 2022 годзе ў Вільні, Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету і прызначыла яго прадстаўнікоў.

На другім форуме ў 2023 годзе ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.

Падчас трэцяй канферэнцыі ў 2024 годзе ў Вільні сярод іншага была падпісана «Платформа 2025» — сумесная стратэгія дзеянняў дэмсіл на год.

У 2025 годзе ў Міністэрства замежных спраў Беларусі напярэдадні канферэнцыі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы, якому была ўручана адпаведная нота ў сувязі з планаваным мерапрыемствам і вулічнай акцыяй.

Сілавікі неаднаразова пагражалі ўдзельнікам палітычных акцый за мяжой, супраць іх распачынаўся крымінальны пераслед.

вс