Шэсць гадоў таму беларускія грамадзяне «выразна прадэманстравалі сваю волю да дэмакратычных перамен і сваё права вызначаць будучыню сваёй краіны», заявіў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Пра гэта паведамляе партал «Позірк».
— Іх выбар быў сустрэты рэпрэсіямі, — канстатаваў кіраўнік украінскага МЗС. — Аднак гады ціску, турэмнага зняволення і вымушанай ссылкі не знішчылі імкненне беларусаў да свабоды, дэмакратыі і суверэнітэту.
Украіна, паводле слоў Сібігі, праводзіць «выразнае адрозненне паміж беларускім народам і рэжымам Лукашэнкі, які нясе адказнасць за развязванне Расіяй агрэсіўнай вайны».
— Мы цэнім многіх беларусаў, якія падтрымалі Украіну і выступілі супраць расійскай агрэсіі, – падкрэсліў ён. — Мы спадзяемся, што аднойчы Беларусь стане свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе будучыню краіны будзе вызначаць яе народ, а не Масква. Такая Беларусь умацавала б бяспеку ўсяго нашага рэгіёну, — дадаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.
Украіна, адзначыў ён, працягне цеснае ўзаемадзеянне са Святланай Ціханоўскай і «усімі беларусамі, якія хочуць жыць у свабоднай і еўрапейскай Беларусі».
— Свабодная Беларусь належыць свабоднай Еўропе, — рэзюмаваў Сібіга.
вс