Ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» стварыла аўдыёпадарожжа па Глушы — пасёлку, дзе прайшло дзяцінства Алеся Адамовіча. Тут можна пачуць рэальныя гісторыі, успаміны, радкі яго кніг, агучаныя прафесійным акторам Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам), паведамляе reform.news.
Аўдыёгід уключае сем кропак маршруту і складаецца з рэальных гісторый, успамінаў і цытат з кніг. Цяпер яго можна паслухаць праз Тэлеграм-бот, пазней стане дасяжным мабільны дадатак. Кожная кропка маршруту адкрывае новы пласт жыцця і спадчыны пісьменніка — праз месца, людзей і ідэі.
На дадзены момант гід даступны толькі на беларускай мове.
— Аўдыёгід нарадзіўся з жадання зрабіць памяць пра Алеся Адамовіча ў Глушы жывой і даступнай. Мы збіралі матэрыялы, удакладнялі факты, працавалі з тэкстамі маршруту і даволі хутка знайшлі голас, які змог перадаць не толькі інфармацыю, але і атмасферу месца. Даўжэйшым быў шлях ад ідэі да рэалізацыі: трэба было знайсці падтрымку, захаваць задуму і дачакацца моманту, калі праект можна будзе зрабіць якасна.
Нам было важна, каб гэта была не сухая экскурсія, а спакойная і ўважлівая сустрэча з Глушай — з яе памяццю, дарогамі, людзьмі і слядамі жыцця пісьменніка, — пішуць стваральнікі.
У пачатку жніўня беларуская грамадскасць адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, крытыка, навукоўца, кінасцэнарыста, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.
вс